вторник, 23 июня 2015 г.

Радавод этнасу


Якія плямёны жылі на тэрыторыі Беларусі?

Сучасныя назвы нацыянальных дзяржаваў - як імя, што носіць цяперашняе пакаленне любога з народаў. Імя асноўнае, але далёка не адзінае. Бо ў кожнай культуры існуе цэлы радавод такіх "імёнаў", ад назваў старажытных плямёнаў, да феадальных краінаў сярэднявечча і нацыянальных дзяржаваў Новага часу. Гэты радавод з'яўляецца неад'емнай часткай сучаснай культуры.

Сама раней занатаванымі, V ст. да н.э., насельнікамі Беларусі лічацца Неўры. Яны ўпершыню згадваюцца ў 4-й кнізе «Гісторыі» Герадота, як народ, што жыве «вышэй за скіфаў»: "У неўраў звычаі скіфскія. За адно пакаленне да паходу Дарыя ім прыйшлося пакінуць сваю краіну з-за змеяў. Таму што не толькі іх асабістая зямля нарадзіла шмат змеяў, але яшчэ больш іх напала з пустыні знутры краіны. Вось чаму неўры былі вымушаны пакінуць сваю зямлю і пасяліцца сярод будзінаў. Гэтыя людзі, магчыма, чараўнікі. Бо скіфы і эліны, якія жывуць сярод апошніх, сцвярджаюць, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, а потым зноў прымае чалавечае аблічча. ... Калі скіфы звярнуліся да неўраў па дапамогу супраць персідскага цара Дарыя, то тыя адмовіліся і патлумачылі гэта тым, што не маюць спрэчак з персамі, і не дапамогуць скіфам, якія самі спрычынілі вайну."

Беларускі археолаг С. Я. Рассадзін удакладніў лакалізацыю неўраў у басейне р. Гарынь (заходняя частка мілаградскага арэала). На яго думку, адтуль неўры рушылі да Паўднёвага Буга — да скіфаў, а ўзгаданне будзінаў — памылка перапісчыка. З ім згодны даследчык скіфскай культуры А. І. Цераножкін. Змеі Герадота, на думку Рассадзіна, азначаюць змену клімату —паніжэнне сярэдніх тэмператур і ўзрастанне вільготнасці (шмат дажджоў, паводкі, забалочванне нізінаў), якія мелі месца ў сяр. 6 ст. да н.э., і якія прымусілі неўраў перасяліцца на сушэйшыя месцы. Паводле Рассадзіна, і на падставе таго, што неўраў па дапамогу звярталіся скіфы, неўры былі даволі шматлікімі, і даволі моцнымі; не былі дзікунамі, а мелі палітычную арганізацыю. Частка беларускіх этнолагаў мяркуе, што доказам месцазнаходжання неўраў на тэрыторыі Беларусі з'яўляецца пашыранае існаванне гідронімаў з коранем "нар".

Агульна прынятай лакалізацыі і этнічнага вызначэння неўраў у гістарыяграфіі да гэтай пары няма. Але характэрныя сляды засталіся ў культуры - культ ваўкалакаў быў надзвычай пашыраны на нашых землях, згадкі пра людзей-пярэваратняў фіксаваліся ў фальклоры да ХХ ст. Распаўсюджаным, нават ў хрысціянскія часы ў ВКЛ, быў і культ змей, які найбольш падрабязна апісаў вандроўнік-святар Гербенштэйн. А таму верагодна, што згаданыя Герадотам "змеі" былі нейкім мясцовым племям, што шанавалі змей як свой татэм.

Болей дакладныя звесткі захаваліся пра насельнікаў Беларусі першага тысячагоддзя нашай эры. Тады наш край пачалі засяляць славянскія плямёны, што спрычынілася да славянізацыі мясцовых балтаў. Славяна-балцкі сінтэз вёў да фармавання старабеларускага этнасу.

Паводле летапісаў і археалагічных даследаванняў паўднёвую і цэнтральную частку Беларусі займалі драгавічы (дрыгавічы), Пасожжа - радзімічы, Падзвінне і паўночнае Падняпроўе - крывічы. Яны складалі саюзы плямёнаў, мелі свае гарады і дзяржавы - княствы. З іншых плямёнаў на тэрыторыі Беларусі летапісы захавалі нам назовы яцьвезі, літвы, нальшчанаў і латыголы, якія жылі на захадзе, паўночным захадзе і поўначы.

Матэрыяльная і духоўная культура славянскіх плямёнаў - продкаў беларусаў, як сведчыць археалогія, мала розніліся між сабою. Выключэнне складаюць упрыгожанні, асабліва металічныя скроневыя колцы. У дрыгавічанак гэта былі зярнёныя буйныя пацеркі, у крывічанак - бранзалетападобныя колцы, на Пасожжы насілі колцы сяміпрамянёвыя.

Найважнейшую ролю ў нашай старажытнай мінуўшчыне адыгралі крывічы. Яны ўтварылі першую вядомую з летапісаў беларускую дзяржаву - Полацкае княства. З ХІІІ стагоддзя на авансцэну гісторыі выходзіць Новагародак (Наваградак). Беларусы Панямоння, падпарадкаваўшы суседняе племя літву, заклалі падмурак нашай новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага.

З умацаваннем дзяржаўных інстытуцый у выніку інтэграцыйных працэсаў да ХІІ стагоддзя плямёнавы падзел у Беларусі ў асноўным знікае. Назовы ж крывічы (Крывія), а пазней ліцьвіны (Літва) пачынаюць азначаць дзяржаўную прыналежнасць, з'яўляючыся гістарычнымі этнонімамі беларусаў.

З сярэдзіны-канца ХІХ ст. асноўнаў назвай становіцца Беларусь, якая канчаткова сцверджваецца ў першай палове ХХ ст.

Комментариев нет:

Отправить комментарий